БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВЫ́БАРЧЫ КАМІТЭ́Т
(БЦВК),
каардынацыйны орган бел. паліт. арг-цый у Зах. Беларусі па выбарах у сейм Польшчы. Створаны ў канцы жн. 1922 у Вільні. У яго фарміраванні ўдзельнічалі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, вядомыя беспарт. дзеячы. У к-т уваходзілі А.І.Луцкевіч (старшыня), Б.А.Тарашкевіч (таварыш старшыні), А.В.Станкевіч, М.С.Кахановіч, Л.І.Родзевіч і інш. Асн. задачы БЦВК: выпрацоўка выбарчай платформы, падбор і падтрымка кандыдатаў у паслы ў сейм і сенатары Польскай Рэспублікі. У выніку выбараў 5.11.1922 пасламі (дэпутатамі) выбраны 11 прадстаўнікоў бел. народа, сенатарамі — 3; утвораны Беларускі пасольскі клуб.
А.М.Сідарэвіч.
т. 2, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)